Раздзел 4.Фразеалогія
Тэма 4.1.Прадмет, задачы, аб’ём фразеалогіі. Семантычная, морфалагічная, сінтаксічная, стылістычная характарыстыка фразеалагізмаў
Пытанні для самакантролю
- Акрэсліце значэнні тэрміна “фразеалогія”. Ахарактарызуйце шырокае і вузкае разуменне аб’ёму фразеалогіі.
- Дайце характарыстыку фразеалагізма як моўнай адзінкі. Адзначце, чым падобныя і чым адрозніваюцца паміж сабой фразеалагізм і слова, фразеалагізм і свабоднае словазлучэнне.
- Акрэсліце значэнне тэрміна “перыфраза”. Ахарактарызуйце адрозненні паміж перыфразамі і фразеалагізмамі. Выпішыце са зборніка Г.М. Малажай “Сучасная беларуская мова: Слова. Перыфраза. Фразеалагізм” (Мн., 1992) дзесяць традыцыйных перыфраз беларускай мовы.
- Адзначце, якія моўныя адзінкі называюцца прыказкамі. Растлумачце, чым адрозніваюцца прыказкі ад фразеалагізмаў. Пакажыце, на якія групы падзяляюцца прыказкі паводле іх семантычнай характарыстыкі. Са “Слоўніка беларускіх прыказак” І.Я. Лепешава, М.А. Якалцэвіч (Мн., 1996) выпішыце па дзве прыказкі на кожную з гэтых груп.
- Акрэсліце змест тэрмінаў “крылатае выслоўе”, “афарызм”. Заканспектуйце ў рабочыя сшыткі і падрыхтуйце для абмеркавання ў аўдыторыі артыкулы І.Я. Лепешава “Крылатыя выразы і фразеалагізмы” (Роднае слова. – 1992. – № 9) і Н. Гаўрош, Н. Нямковіч “Да праблемы вывучэння афарызмаў беларускіх пісьменнікаў” (Роднае слова. – 2005. – № 11).
- Адзначце, на якія тыпы падзяляюцца фразеалагізмы паводле семантычнай злітнасці кампанентаў, структуры, суадноснасці з часцінамі мовы. Ахарактарызуйце асаблівасці кожнага тыпу. Прывядзіце прыклады.
- Раскажыце пра мнагазначнасць фразеалагізмаў, параўноўваючы яе з мнагазначнасцю слоў. Адказ праілюструйце дзесяццю прыкладамі з ТСБМ і “Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы” І.Я. Лепешава (Мн., 1993).
- Акрэсліце розніцу паміж фразеалагічнымі сінонімамі і варыянтамі. Пакажыце гэта на прыкладах.
- Адзначце, якія фразеалагізмы з’яўляюцца антанімічнымі. Ахарактарызуйце аднаструктурныя, падобнаструктурныя і рознаструктурныя фразеалагізмы-антонімы. Прывядзіце прыклады.
- Дайце характарыстыку стылістычных разрадаў фразеалагізмаў, прывядзіце прыклады фраземаў рознай стылістычнай афарбоўкі.
- Ахарактарызуйце найбольш ужывальныя ў мастацкай літаратуры прыёмы творчай апрацоўкі фразеалагізмаў.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Прачытайце і растлумачце прыведзеныя рускія прыказкі. З дапамогай слоўнікаў (гл.: “Proverbia et dicta: Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў” Н.А. Ганчаровай, І.М. Шчарбаковай, Л.Г. Калядка і інш. (Мн., 1993) і “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” З. Санько ( Мн., 1991) падбярыце да іх эквівалентныя з беларускай мовы. Параўнайце структурны і семантычны склад рускіх і беларускіх прыказак.
- Береги платье снову, а честь смолоду. 2. Дал слово – крепись, а не дал – держись. 3. Меньше говори, да больше слушай. 4. Не спеши языком, торопись делом. 5. Не рой другому яму – сам в неё попадёшь. 6. На весь свет и солнышку не угреть. 7. Счастье у каждого под мозолями лежит. 8. Каков пастырь, таковы и овцы.
Практыкаванне 2. Выпішыце са зборнікаў “Крылатыя словы і афарызмы” Ф. Янкоўскага (Мн., 1960) і “Час. Жыццё. Людзі: Беларускі літаратурны афарызм” А. Леваюк (Брэст, 2001) дзесяць афарызмаў беларускіх пісьменнікаў пра каханне, сям’ю, дом.
Практыкаванне 1. З “Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы” І.Я. Лепешава (Мн., 1993) выпішыце пятнаццаць фразеалагізмаў, у склад якіх уваходзіць кампанент галава. Растлумачце значэнне фраземаў. Вызначце тып кожнага фразеалагізма паводле семантычнай злітнасці кампанентаў. Вусна растлумачце, на якой падставе аднеслі фразеалагізмы да зрашчэнняў, адзінстваў, спалучэнняў.
Практыкаванне 2. Вызначце тып прыведзеных фразеалагізмаў па структуры і па суадносінах з часцінамі мовы. У асобную групу выдзеліце фраземы, несуадносныя з часцінамі мовы. Растлумачце значэнне ўстойлівых выразаў, з трыма фразеалагізмамі складзіце сказы.
Першы-лепшы, за вадою пайсці, браць на ўсе застаўкі, душою загавець, як мае быць, свет адчыніўся, хмары згушчаюцца, хоць ікону пішы, ісцінны бог, барані бог, арэдавы вякі, вавілонскае стоўпатварэнне, весці рэй, рассыпацца драбней маку, волас у волас, сіняя птушка, арыядніна ніць, гог і магог, жаўтаротае птушаня, геркулесавы слупы.
Практыкаванне 3. Падрыхтуйце выступленне на пасяджэнні школьнага лінгвістычнага гуртка на тэму “Давайце перш навучымся вітацца…”. Пакажыце ў выступленні важнасць вывучэння і адраджэння самабытных выклічнікавых фраземаў народнага маўленчага этыкету. Збіраючы матэрыял да працы, звярніцеся да артыкулаў В. Васілевіч “Чаму і як мы вітаемся” (Роднае слова. – 1999. – № 8) і М. Канюшкевіч “Лінгвасеміятычныя апазіцыі ў люстэрку беларускага маўленчага этыкету” (Роднае слова. – 1999. – № 3).
Практыкаванне 4. Да прыведзеных слоў падбярыце фразеалагізмы-сінонімы. Вызначце стылістычную афарбоўку кожнага фразеалагізма.
Падманваць, блізка, далёка, многа, памерці, дакучаць, неспадзявана, назаляць, заступацца, трывожыць, збянтэжыць, шчыра, недарэчы, прыгожы.
Практыкаванне 5. Падбярыце да прыведзеных фразеалагізмаў варыянтныя, запішыце іх. Вызначце тып фразеалагічнай варыянтнасці.
Сюды-туды, пець дыфірамбы, вашымі вуснамі мёд піць, прыўзнімаць заслону, як гром з яснага неба, рассыпацца дробным макам, біць ва ўсе званы, заламаць асінку, шарая гадзіна, на лáскавым хлебе.